З 17 па 20 мая 2016 года ў чытальнай зале бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта адбыўся конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва супрацоўнікаў «Чароўны куфэрак», які ўжо стаў традыцыйным.
«Чароўны куфэрак» – адлюстраванне творчых здольнасцей аўтараў, іх уменне з дапамогай саломы, паперы, дрэва альбо іншага матэрыялу перадаць сваё ўспрыманне навакольнага свету, а таксама прапаганда лепшых духоўных традыцый беларускага народа. Калісьці ў куфрах нашы бабулі і дзядулі захоўвалі лепшыя, самыя каштоўныя набыткі сям’і. Конкурс ладзіўся для таго, каб у сімвалічным куфэрку сабраць мастацкія адлюстраванні таго невычарпальнага, дакранаючыся да якога чалавек спрычыняецца да культуры і традыцый свайго народа, яго мовы, таленавітасці і майстэрства.
Арганізатарам мерапрыемства выступіў прафсаюзны камітэт універсітэта. Галоўнай задачай конкурса з’яўлялася раскрыццё творчага патэнцыялу супрацоўнікаў, а таксама здольнасцей творча пераасэнсоўваць набыткі нацыянальнай культурнай спадчыны.
У гэтым годзе ў конкурсе ўдзельнічалі 45 супрацоўнікаў, якія прадставілі свае творы ў розных намінацыях. Унікальныя аўтарскія работы здзіўлялі бязмежнай фантазіяй, смеласцю, крэатыўнасцю. Журы адзначыла арыгінальнасць, самабытнасць мастацкіх твораў, умелае спалучэнне элементаў традыцыйнай творчасці і сучаснай культуры. А наведвальнікі выставы выбіралі прэтэндэнта на прыз глядацкіх сімпатый і не ашчаджалі захопленых водгукаў.
Усе прадстаўленыя работы знайшлі сваіх прыхільнікаў! Але больш за ўсё галасоў было аддадзена дзівосным вышытым карцінам Ірыны Сучковай, асістэнта кафедры эканамічнай палітыкі, казачным вырабам з воўны вядучага бібліятэкара Наталлі Падорскай, таленавітым малюнкам аператара ТСА Антона Судаса, дызайнерскім вырабам са скуры, выкананым Наталляй Бондар, дацэнтам кафедры эканамічнай тэорыі.
Па выніках мерапрыемства пераможцы былі адзначаны дыпломамі, памятнымі прызамі і грашовымі прэміямі.
Такім чынам, універсітэцкі конкурс БДЭУ «Чароўны куфэрак» быў надзвычай плённым. За час дзейнасці выставы студэнты атрымалі ўнікальную магчымасць знаёмства з творчымі працамі выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта. Супрацоўнікі атрымалі ўнікальную магчымасць паказаць свае творчыя набыткі, абмяняцца творчым вопытам. Безумоўна, мерапрыемства ў значнай ступені пашырыла веды аб духоўнай спадчыне Беларусі, а таксама паспрыяла развіццю пачуцця гонару за свой універсітэт і яго таленавітых супрацоўнікаў.
А. Д. Александровіч,
загадчык аддзела бібліятэкі,
старшыня камісіі па культмасавай рабоце прафкама БДЭУ
Л. І. Падгайская,
дацэнт кафедры эканамічнай сацыялогіі, член прафкама БДЭУ
Фота Дзмітрыя Гусалава